Друк
27.06.2014
Папа: быць хрысьціянінам — быць прыналежным да Царквы
 
Пра важнасьць прыналежнасьці да Царквы, народу Божага, і пра тое, што ніхто не становіцца хрысьціянінам сам па сабе гаварыў Папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра 25 чэрвеня 2014 году, працягваючы цыкл павучаньняў пра Царкву.
 
Рымскі Архірэй падкрэсьліў, што немагчыма быць ізаляваным хрысьціянінам, “самім па сабе”, таму што “хрысьціянская ідэнтычнасьць” характарызуецца менавіта прыналежнасьцю да Царквы. Яна ёсьць як прозьвішча для верніка. “Калі імя: “хрысьціянін”, то прозьвішча: “прыналежу да Царквы”, - сказаў Папа. “Цудоўна адзначыць, што гэтая прыналежнасьць была выказана таксама ў імені, якім Бог назваў Сябе Сам. Адказваючы Майсею, у цудоўным фрагменце пра “палаючы куст”, Ён акрэсьліў Сябе, як Бог Айцоў. Ён не сказаў: “Я усемагутны”. Не! Але, Я — Бог Абрагама, Ісаака і Якуба. Такім чынам, Ён паказаў Сябе, як Бог, Які заключыў запавет з нашымі праайцамі і заўсёды застаецца верны яму, а таксама кліча нас увайсьці ў гэтыя адносіны”, — сказаў Папа.
 
“У гэтым кантэксьце думка найперш узносіцца з удзячнасьцю да тых, што папярэднічалі нам і прынялі нас у Царкве. Ніхто не становіцца хрысьціянінам сам па сабе!” — падкрэсьліў Рымскі Архірэй. Як адзначыў Сьвяты Айцец, “хрысьціяне не ўзьнікаюць у лабараторыі. Хрысьціянін зьяўляецца часткай народу, які прыйшоў здалёк. Ён належыць да народу, які называецца Царквою, і гэтая Царква робіць яго хрысьціянінам у дзень Хросту”, — сказаў Папа.
 
“Калі мы верым, калі ўмеем маліцца, калі пазналі Госпада і можам слухаць Яго слова, калі адчуваем Яго блізкасьць, распазнаем Яго ў бліжніх — усё гэта таму што іншыя, што былі перад намі, жылі верай і перадалі яе нам. Веру мы атрымалі ад нашых айцоў, нашых продкаў, і яны ёй навучылі. Калі добра падумаем, хто ведае, колькі абліччаў нашых блізкіх пройдуць перад нашымі вачыма, у гэты момант: гэта могуць быць абліччы нашых бацькоў, якія папрасілі для нас хросту, нашых бабуль ці якіх-небудзь сваякоў, якія навучылі рабіць знак крыжа і першым малітвам, (...) ці можа аблічча параха, іншага сьвятара, манахіні, катэхета, якія перадалі нам зьмест веры і дапамаглі расьці як хрысьціянам. Вось гэта і ёсьць Царква — вялікая сям’я, у якой нас прымаюць і ў якой вучымся жыць, як вернікі і вучні Госпада Ісуса”, — сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец зьвярнуў увагу на тое, што гэты шлях мы праходзім ня толькі дзякуючы іншым людзям, але таксама разам з іншымі. “Колькі разоў папа Бенядыкт XVI апісваў Царкву, як царкоўнае “мы”, — сказаў ягоны наступнік на пасадзе сьв. Пятра. — Часам даводзіцца пачуць, як нехта кажа: “Я веру ў Бога, веру ў Ісуса, але Царквою не цікаўлюся...” Мы ня раз гэта чулі, ці ня праўда? Але гэта няправільна. Ёсьць тыя, якія лічаць, што могуць мець наўпроставыя, без пасярэднікаў адносіны з Ісусам Хрыстом па-за сулучнасьцю і пасярэдніцтвам Царквы. Гэта шкодныя і небясьпечныя спакусы, ці, як казаў вялікі Павел VI, абсурдная супярэчнасьць”.
 
Сьвяты Айцец заўважыў, што супольны шлях патрабуе намаганьняў, бывае цяжкім: “Сапраўды, каб крочыць разам, трэба шмат намаганьняў, і часам гэта нават складана. Можа здарыцца так, што некаторыя браты і сёстры, будуць ствараць праблемы ці правакаваць скандалы... Але Госпад даверыў Сваё пасланьне збаўленьня людзям, усім нам, сьведкам; і ў нашых братах і сёстрах, з іх дарамі і недахопамі, Ён выходзіць нам насустрач і дазваляе распазнаць Сябе. Гэта азначае належыць да Царквы. Добра памятайце: быць хрысьціянінам азначае належыць да Царквы”. Нашае імя — “хрысьціянін”, а прозьвішча — “прыналежны да Царквы”, сказаў Папа.
 
Падсумоўваючы, Сьвяты Айцец заклікаў прасіць у Госпада, праз заступніцтва Беззаганай Дзевы Марыі — Маці Царквы, ласкі, “каб ніколі ня трапіць у спакусу і не лічыць, што можам не зважаць на іншых, што можам не зважаць на Царкву, што можам самі дасягнуць збаўленьня, быць самаробнымі хрысьціянамі”. Наадварот, падкрэсьліў Рымскі Архірэй, “немагчыма любіць Бога без любові да бліжніх, немагчыма любіць Бога па-за Царквою, немагчыма быць у сулучнасьці з Богам, ня будучы ў ім у Царкве, і ня можам стаць добрымі хрысьціянамі, калі мы ня разам з тымі, хто імкнецца насьледаваць Госпада Ісуса, як адзіны народ, адно цела, якім ёсьць Царква”.
 
На заканчэньне агульнай аўдыенцыі Сьвяты Айцец Францішак нагадаў пра урачыстасьць Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначалася 22 чэрвеня 2014 году і заклікаў знаходзіць у Еўхарыстыі сапраўдную крыніцу духоўнага насычэньня.
 
Паводле матрыялаў беларускай і ўкраінскай рэдакцыяў Ватыканскага радыё
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"