Друк
05.06.2014
Сьвяты Айцец заклікаў не пражываць маладосьць для сябе, але прысьвяціць абвяшчэньню Евангельля
 
Да новай місійнасьці, умацаванай адзінствам, заклікаў Папа Францішак удзельнікаў каталіцкага харызматычнага руху “Абнаўленьне ў Сьвятым Духу”, з прадстаўнікамі якога ён сустрэўся на рымскім Алімпійскім стадыёне 1 чэрвеня 2014 году — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
На супольную малітву з Рымскім Архірэем сабраліся каля 52 тыс. чалавек, якія належаць да каталіцкага харызматычнага руху “Абнаўленьне ў Сьвятым Духу”. Зьвяртаючыся да вернікаў, Папа заклікаў ня быць “кантралёрамі ласкі”, “мытнікамі для Сьвятога Духа”, але дазволіць Богу дзейнічаць там, дзе Ён жадае. Крыніца такой адкрытасьці, на думку Папы, павінна быць у пакланеньні Госпаду. “Гэта ваш шлях: евангелізацыя, духоўны экуменізм, клопат пра бедных і тых, хто ў патрэбе, ды адкрытасьць на пакінутых. І ўсё гэта на аснове адарацыі. Фундамент абнаўленьня – адарацыя Бога!” — сказаў Сьвяты Айцец.
 
Папа адзначыў таксама важнасьць еднасьці ўнутры руху, таму што ўсе падзелы паходзяць ад злога. “Пазьбягайце ўнутранай барацьбы, калі ласка”, — заклікаў ён.
 
Не застаўся па-за ўвагай Сьвятога Айца і абавязак хрысьціянаў “выходзіць” насустрач іншым. “Набліжайцеся да бедных і дакранайцеся рукамі да параненага цела Ісуса. Дазвольце Сьвятому Духу весьці вас з свабодай і, калі ласка, не закрывайце Сьвятога Духа ў клетцы”, — пажадаў Папа Францішак.
 
Францішак з самаіроніяй прызнаўся, што да таго моманту пакуль сам ня стаў духоўным кіраўніком руху “Абнаўленьне ў Сьвятым Духу” у Аргентыне, лічыў яго “школай самбы”. Папа адзначыў, што на самой справе харызматычны рух зьяўляецца “вялікай сілай на службе абвяшчэньню Евангельля”.
 
Падчас сустрэчы на Алімпійскім стадыёне ў Рыме, Сьвяты Айцец паразмаўляў з прысутнымі шматлікімі вернікамі. Зьвяртаючыся да аднаго з маладых людзей, Папа адзначыў, што маладосьць даецца для таго, каб “рызыкаваць з надзеяй” і “патраціць яе на вялікія рэчы”. “Маладосьць — для таго, каб аддаць яе на карысьць знаёмства іншых з Госпадам. Не пражывайце для сябе сваю маладосьць: ідзіце наперад”, — заклікаў Сьвяты Айцец.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"