Друк
28.05.2013
Ушанаваньне памяці Апостала Палесься
 
Беларускія грэка-каталіцкія сьвятары прынялі ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 75-годдзя кананізацыі сьвятога Андрэя Баболі, якія адбыліся 15-16 траўня 2013 году ў Пінску і Янаве. У падобных урачыстасьцях яны бяруць удзел з 2000 году.
 
Сумеснае ўшанаваньне католікамі абодвух абрадаў памяці сьв. Андрэя Баболі — каталіцкага апекуна Палесься, які аддаў жыцьцё дзеля ўмацаваньня ў гэтым краі каталіцкай веры і Уніі, — мае свае даўнія карані.
 
Адразу пасьля забойства казакамі Андрэя Баболі ў 1657 годзе ягоным целам першы заапекаваўся ўніяцкі парах з Янава. Першыя дазнаньні сярод відавочцаў аб мучаніцтве і цудах сьв. Андрэя Баболі дзеля ягонай кананізацыі праводзіў уніяцкі біскуп Пінскі і Тураўскі Парфір Кульчыцкі. А біскуп гэтай япархіі, Гедэон Гарбацкі, разам з манахамі-базыльянамі пасьля часовай забароны езуіцкага ордэну апекаваўся мошчамі мучаніка ў пінскім езуіцкім храме сьв. Станіслава, які быў тады пінскай уніяцкай катэдрай.
 
Падчас урачыстасьцяў кананізацыі езуіта Андрэя Баболі ў Вялікдзень 1938 году ў базыліцы сьв. Пятра сярод ярархаў былі два біскупы візантыйскага абраду — Апостальскі візітатар каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі Мікалай Чарнецкі (сёньня — блаславёны) і расеец Аляксандар Яўрэінаў, а таксама шматлікае духавенства ўсходніх абрадаў з розных калегіюмаў у Рыме. У першы дзень трыдыюму ў гонар праслаўленьня сьвятога біскуп М. Чарнецкі адправіў візантыйскую Літургію ў царкве езуітаў al Gйsu, дзе захоўваліся мошчы сьв. Андрэя.
 
Яшчэ больш шырокі ўдзел грэка-католікаў быў ва ўрачыстасьцях, што адбываліся ў тагачаснай Польшчы ў гонар сьв. Андрэя Баболі падчас пераносу ягоных мошчаў у Варшаву. Менавіта перад вайной была закладзена традыцыя сумеснага сьвяткаваньня католікамі абодвух абрадаў дня памяці гэтага сьвятога, якая сёньня працягваецца і ў Беларусі.
 
15 траўня 2013 году ў Пінску, дзе служыў і займаўся евангелізацыяй сьв. Андрэй Баболя, у 75-ыя ўгодкі яго кананізацыі, адбылася сьвятая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) разам з вялікай групай грэка-каталіцкіх сьвятароў з Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ удзельнічалі ў гэтым урачыстым набажэнстве ў катэдры Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Багародзіцы, у якім прымалі ўдзел рыма-каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. пралат Францішак Кісель, Мітрапаліт Шчэцінска-Каменскі архібіскуп Анджэй Дзенга, біскуп на пенсіі Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) Станіслаў Стэфанэк, сьвятары і манахіні, прадстаўнікі ўлады, госьці з замежжа.
 
Набажэнству папярэднічалі прэс-канферэнцыя з удзелам усіх каталіцкіх ярархаў Беларусі, канцэрт і даклады. Імша была на беларускай мове, а Апостальскі нунцый паводле сваёй традыцыі, хоць і добра валодае расейскай мовай, казань прамаўляў па-італійску, а яго перакладчык тлумачыў прысутным вернікам яго на беларускую. Відавочна, гэта прынцыповая пазіцыя нунцыя — Каталіцкая Царква ў Беларусі павінна прамаўляць да людзей па-беларуску.
 
Catholic.by зьвяртае ўвагу на словы архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці пра сьв. Андрэя Баболю: “Слухаючы гісторыю гэтага сьвятога, глыбока адчуваеш цярпеньне, бо здаецца, што ён памёр двойчы. Першая яго сьмерць — тая, што ён панёс за вернасьць сваёй веры, якую абвяшчаў, ходзячы па вёсках гэтай зямлі. Другая сьмерць — тая, якую выказвае малітва сёньняшняга дня і выбраныя чытаньні: гэтая сьмерць вынікае з таго, што рукамі хрысьціянаў забіваюцца іншыя хрысьціяне”. Паводле словаў ярарха, якія , гэта выглядае так, “як быццам бы мы хацелі адкінуць малітву Хрыста, якою Ён маліўся перад сваёй сьмерцю, просячы, каб усе былі адно”.
 
Згадваючы пра старажытны пінскі катэдральны касьцёл, Апостальскі нунцый таксама нагадаў прысутным вернікам: “Гляньце навокал, на муры гэтага касьцёлу: у тым, што мы бачым, ёсьць густ і ёсьць вера. Усё гэта выяўляе знакі Еўропы ў гэтай сьвятыні — Еўропы ранейшага часу, бо ў наш час паняцьце “Еўропа” жадала б лепшага. Вы — жывыя камяні гэтага касьцёлу, і ён — ваша гісторыя, ваша прыгажосьць. Гэта азначае, што і вы такія. Прыгожа, калі народ нанова знаходзіць карані сваёй гісторыі і ганарыцца ёю”.
 
Яшчэ Ўладыка Клаўдзі ўзгадаў пра момант з гісторыі жыцьця сьв. Андрэя Баболі, калі яго мошчы, што выстаўляліся ў музеі наркамату здароўя ў Маскве, у траўні 1924 году былі перададзеныя савецкімі ўладамі ў Ватыкан. Гэта была свайго роду падзяка бальшавікоў за дапамогу ў змаганьні з голадам у СССР. Дзякуючы дзейнасьці Папскай місіі дапамогі галадаючым у СССР ад голаду было выратавана каля 160 тысячаў чалавек. Менавіта ў гэты час Каталіцкая Царква ў СССР перажывала вельмі цяжкую сітуацыю, а ярархі, якія спрабавалі супрацьстаяць бязбожнай прапагнадзе, былі забітыя або дэпартаваныя.
 
“Парадаксальным чынам перасьлед яднае католікаў і праваслаўных, — адзначае словы Апостальскага Нунцыя беларускі каталіцкі партал Catholic.by. — У той момант, калі нехта імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, гісторыя дзьвюх Цэркваў становіцца адной гісторыяй мучаніцтва”. “Мы дзякуем Богу за гэты шлях, пройдзены ў пошуках еднасьці, які дазваляе нам з большай дыстанцыяй глядзець на тое, што нас падзяляла ў гісторыі”, — адзначыў прадстаўнік Сьвятога Айца.
 
Напрыканцы Літургіі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці перадаў усім прысутным Апостальскае бласлаўленьне Папы Францішка. “Гэтае бласлаўленьне для ўсіх вас і гэтай зямлі, якую асьвяціў сваёй крывёю Андрэй Баболя і многія мучанікі, вядомыя і невядомыя, — сказаў прадстаўнік Папы. — Няхай яно паспрыяе дабрабыту і супакою гэтай зямлі, супакою паміж народамі і паміж рэлігіямі”.
 
Другі дзень сьвяткаваньня 75-годдзя кананізацыі місіянера Палесься сьв. Андрэя Баболі прайшоў у Янаве. 16 траўня, у дзень мучаніцкай сьмерці сьвятога, туды традыцыйна прыбываюць пілігрымы з Беларусі і Польшчы, ладзіцца хрэсны ход да месца забойства сьвятога. На гэтым месцы ў цэнтры Янава сёньня стаяць два вялікія крыжы (каталіцкі і праваслаўны) і вялікі камень з мемарыяльнай дошкай. Уласна тут, на месцы мучаніцкай сьмерці сьв. Андрэя Баболі, дзе ля двух сымбалічных крыжоў сабраліся шматлікія сьвятары і духоўныя асобы, біскупы, а таксама пілігрымы і мясцовыя католікі, з прамовы біскупа Антона Дзям’янкі (па-польску) распачалася ўрачыстасьць.
 
Ад крыжоў працэсія з рэліквіямі сьвятога, у якой бралі ўдзел і грэка-каталіцкія сьвятары, вырушыла ў касьцёл. Удзельнікі працэсіі маліліся за беларускі народ, просячы Бога аб глыбокай веры для яго. Праўда, песьні падчас працэсіі сьпяваліся больш на польскай мове, адно толькі часткова Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасьці маліліся яшчэ і па-беларуску. У парафіяльным касьцёле адбылася ўрачыстая сьв. Імша — таксама па-польску. Такое сьведчаньне веры для шэрагу ўдзельнікаў сьвята ў гонар місіянера Палесься выглядала даволі дзіўным, а для абсалютнай большасьці мясцовых людзей яшчэ і незразумелым. На Заходнім Палесьсі колькасьць палякаў складае ўсяго некалькі адсоткаў насельніцтва, а ў Іванаўскім раёне паводле дадзеных перапісу сёньня 94,6% беларусаў, 2,8% — украiнцаў, расейцаў — 2,3%, iншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку палякаў — 0,3%...
 
Да прысутных на сьв. Імшы зьвярнуўся з вітальным словам мітрапаліт з Польшчы Анджэй Дзенга, які назваў сябе пілігрымам на гэтай урачыстасьці, бо прыбыў у Янаў, каб “перажыць сьведчаньне веры вялікага сьвятога” гэтай зямлі.
 
Напрыканцы набажэнства біскуп Антон Дзям’янка падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасьцях, а таксама абвясьціў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў Янаве санктуарыем, выказаўшы пажаданьне, каб культ сьвятога Андрэя Баболі распаўсюджваўся на Палесьсі і ва ўсёй краіне.
 
Ва ўрачыстасьцях ў Пінску і Янаве ў гонар сьв. Андрэя Баболі — місіянера Палесься і апекуна Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, пілігрымы з Беларусі, Польшчы, Літвы і Германіі.
 
Фота з сайту Catholic.by.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"