Друк

19.09.2009

Бенядыкт XVI у 2010 годзе прыедзе ў Беларусь?

У планах Папы Рымскага Бенядыкта XVI на 2010 год пазначаны магчымы прыезд у Беларусь.

Каталіцкая інфармацыйная агенцыя КАІ апублікавала, што ў маршрутах Папы Рымскага на 2010 год значыцца Мальта, Англія, Германія, а таксама Беларусь ці Партугалія.

На пытаньне «Нашай Нівы», ці насамрэч Бенядыкт XVI плануе ў 2010 годзе наведаць нашу краіну, адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандар Амяльчэня адказаў:
«Дакладна можна сказаць толькі адно: Беларусь вельмі чакае Папу. Каталіцкі Касьцёл у Беларусі з радасьцю ўспрыме гэтую навіну, калі яна пацьвердзіцца».

Пакуль невядома, на карысьць якой краіны зробіць свой выбар Бенядыкт XVI. З аднога боку Партугалія, з храмам у Фаціме, чацьвёртым па велічыні ў каталіцкім сьвеце. Гэты храм Бенядыкт XVI зьбіраецца наведаць ужо даўно. З іншага боку, Беларусь і Аляксандар Лукашэнка, які ўжо ня раз выказваўся пра жаданьне арганізаваць сустрэчу Папы Рымскага Бенядыкта XVI і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

«Як сказаў Папа Рымскі, калі Гасподзь адчыніць гэтыя дзьверы, то сустрэча адбудзецца. І ў гэтым выпадку Беларусь прапануе сябе месцам гэтай сустрэчы», — зазначыў прэзідэнт у красавіку 2009 году, пасьля сустрэчы з Бенядыктам XVI у Ватыкане.

Аднак сустрэча можа адбыцца і ў Фаціме. Згодна з паданьнем, Маці Божая Фацімская прадказала крывавую дыктатуру ў СССР, але сказала, што пасьля яе падзеньня сьвятло збаўленьня прыйдзе з усходу. Таму Фаціма таксама можа стаць сымбалічным месцам спатканьня праваслаўя і каталіцтва.

Настасься Шамрэй, «Наша Ніва».

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"