Друк

16.04.2011

Сімпозіюм у Сандаміры, прысьвечаны сакральнай спадчыне Ўсходу
 
У Сандаміры (Польшча) 7-9 красавіка 2011 году праходзіў міжнародны сімпозіюм, прысьвечаны сакральнаму мастацтву і культурнай спадчыне хрысьціянскага Ўсходу. Падчас яго адбылося ўрачыстае адкрыцьцё адноўленага інтэр’еру гатычнай базылікі з унікальнымі візантыйскімі фрэскамі 15 стагоддзя фундацыі караля Ўладзіслава Ягайлы. Сярод удзельнікаў сімпозіюму і ўрачыстай архірэйскай літургіі ў сандамірскай катэдральнай базыліцы быў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. 
 
 
Як паведамляе сайт Сандамірскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, трохдзённы сімпозіюм у Сандаміры, прысьвечаны спадчыне хрысьціянскага Ўсходу, быў арганізаваны Каталіцкім домам культуры. сьв. Язэпа, а нагодай для гэтага стала завяршэньне першага этапу рэстаўрацыйных прац у старажытнай катэдральнай базыліцы. Ганаровы патранат над сімпозіюмам меў сандамірскі біскуп Крыштаф Ніткевіч. Д-р Крыштаф Ніткевіч, які нарадзіўся ў Беластоку, доўгі час (з 1992 году) працаваў у Рымскай курыі ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, у 2002-2009 гг. займаў пасаду падсакратара гэтай Кангрэгацыі і адначасова выкладаў у Папскім Усходнім інстытуце, нямала ўвагі ўдзяляў жыцьцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Сімпозіюму распачаўся 7 красавіка канферэнцыяй з удзелам рэстаўратараў на тэму: “Кансервацыя інтэр’еру пярліны раньнегатычнай сакральнай архітэктуры – катэдральнай базылікі ў Сандаміры — 1-ы этап”. Старажытныя візантыйска-рускія фрэскі ў сандамірскай катэдральнай базыліцы — гэта ўнікальная зьява еўрапейскага маштабу, якая сьведчыць пра творчае паяднаньне ўсходняга мастацтва з архітэктурай і літургіяй рыма-каталіцкага абраду.
 
Адкрываючы сімпозіюм, біскуп Крыштаф Ніткевіч зьвярнуў увагу на тэалагічны асьпект сакральнага жывапісу ў сандамірскай базыліцы. Ён адзначыў: “Візантыйскае мастацтва перапоўненае пасхальнай таямніцай. Уваскрослы Хрыстос абвяшчае сьвету сваю перамогу над сьмерцю і і грахом, паказваючы дарогу да неба. Гэты жывапіс насычаны нязвыклым сьвятлом з Гары Табор і з раніцы Ўваскрасеньня. Ва Ўсходняй Царкве ўся літургія: таямніцы, багаслужбы, асьвячэньні, сьпевы, жывапіс утвараюць адно цэлае. У нязвыклы спосаб зямная літургія злучаецца з нябеснай літургіяй і праслаўляе Сьвятую Тройцу”.
 
З нагоды заканчэньня першага этапу рэстаўрацыі біскуп Крыштаф Ніткевіч сказаў: “Будучы ўсьцешаным з заканчэньня прац, зьвязаных з рэстаўрацыяй візантыйска-рускіх фрэсак у катэдральнай базыліцы ў Сандаміры, думаю, што ўласна ў ёй, як нідзе ў іншым месцы, рэалізуецца жаданьне Слугі Божага Яна Паўла II, каб Царква дыхала двума лёгкімі: Усходу і Захаду”. Ён адзначыў, што дзякуючы папе, гэтае выказваньне расейскага філосафа і паэта Вячаслава Іванова стала натхненьнем для ўсіх, хто прагне, каб хрысьціяне розных традыцыяў аб’ядналі свае намаганьні для абвяшчэньня сьвету Евангельля, пазьбягаючы зьнішчальных падзелаў.
 
У другі дзень сімпозіюму, прысьвечанаму сакральнай спадчыне хрысьціянскага Ўсходу, у Епархіяльным музеі ў Сандаміры адбылося ўрачыстае адкрыцьцё выставы “Сандамірскія іконы”. Таксама ў гэты дзень адбыўся канцэрт Украінскага народнага хору г. Масквы, які прапанаваў царкоўныя сьпевы і іншыя творы славянскай музыкі.
Трэці дзень сімпозіюму ў Сандаміры распачаўся з навуковай сэсіі “Вось слава Бога Ізраілевага прыйшла з усходу (Ез 43, 2) — вакол сакральнага мастацтва хрысьціянскага Ўсходу”. Падчас канферэнцыі замежныя госьці, знаўцы ўсходняй літургічнай культуры і гісторыкі мастацтва разважалі пра значэньне іконы ў культуры Ўсходу, пра гістарычнае значэньне візантыйска- рускіх фрэсак, што аздабляюць алтарную частку сандамірскай базылікі.
 
Айцец праф. Якуб Куліч, SJ, у рэфераце “Гісторыя хрысьціянства ў Кіеўскай Русі” гаварыў пра кірыла-мятодаўскія карані хрысьціянскай веры на Русі, а таксама пра разьвіцьцё хрысьціянства на гэтых землях. У рэфераце пра сакральнае мастацтва візантыйскай традыцыі ў Мукачаўскай япархіі айцец праф. Ласла Пушкаш распавёў пра разьвіцьцё сакральнага мастацтва ва Ўсходніх Цэрквах, а таксама пра значэньне іканастасу ва ўсходняй літургіі. “Літургічная культура павінна быць сьведамай уласьцівага ёй прызначэньня. Яна заўсёды застаецца ў службе сьвятасьці. Абраз дапамагае чалавеку шукаць рысы Бога і таму гэтае мастацтва ёсьць уключанае, як частка, у літургію”, — адзначыў праф. Пушкаш. У іншым выступе Ўршуля Стэмпень, кусташ Епархіяльнага музею, распавяла пра шматвяковы клопат Калегіяцкай Капітулы ў Сандаміры пра захаваньне візантыйскіх фрэсак.
 
Урачыстым завяршэньнем сімпозіюму стала пантыфікальная літургія 9 красавіка 2011 году, падчас якой былі асьвячаны адрэстаўраваныя часткі катэдральнай базылікі ў Сандаміры. Урачыстае набажэнства ўзначаліў Апостальскі нунцый у Польшчы архібіскуп Чэлестына Мільёрэ разам з Сандамірскім біскупам Крыштафам Ніткевічам. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў з Польшчы, Украіны, Беларусі і Славакіі на чале з архібіскупам Іванам Мартыняком, мітрапалітам Перамышальска-Варшаўскім і біскупам Уроцлаўска-Гданьскім Уладзімірам Юшчакам, OSBM. Разам з імі маліліся прадстаўнікі рыма-каталіцкага епіскапату Польшчы: біскуп Улацлаўскі Веслаў Мерынг, які ўзначальвае Раду па справах культуры і ахове культурнай спадчыны Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, біскуп Радамскі Генрык Тамасік, адміністратар Люблінскай архідыяцэзіі Мечыслаў Цісла і дапаможны біскуп Сандамірскі Эдвард Франкоўскі.
 
У сваім вітальным слове біскуп Ніткевіч адзначыў: “Сакральнае мастацтва выводзіць нашыя сэрцы з шэрай, зямной рэчаіснасьці і скіроўвае іх да Бога, Які ёсьць найвялікшай прыгажосьцю. А тут, у сандамірскай катэдральнай базыліцы, дзе прэзьбітэрыюм напаўняюць фрэскі – нязвычайная выява веры хрысьціянскага Ўсходу, што суседнічаюць з творамі рук хрысьціянаў лацінскай традыцыі, мы адначасова вучымся ўніверсальнасьці збаўчага пасланьня Хрыста, Які памёр за ўсіх і для ўсіх уваскрос. Вучымся тут універсальнасьці Царквы”.
 
Грэка-каталіцкі мітрапаліт Іван Мартыняк у сваім слове, распавядаючы пра візантыйскі жывапіс у базыліцы, назваў яго своеасаблівым “сандамірскім іканастасам” і зьвярнуў увагу на яго духоўны і тэалагічны сэнс і значэньне: “Гэтыя фрэскі адкрываюць нам адвечную нястомную малітву. Слова Божае, якое яны ўтрымліваюць, вучыць Дабравесьцю і дапамагае ў малітве. У гэтым іканастасе, разьмешчаным на сьценах, дзеіцца містэрыя, зыход неба на зямлю і ўзыход з зямлі да неба”, - сказаў архібіскуп Мартыняк.

Апостальскі нунцый архібіскуп Чэлестына Мільёрэ ўрачыста асьвяціў адноўлены прэзьбітэрыюм базылікі, капліцу Найсьвяцейшага Сакраманту, капліцу Маці Божай Вострабрамскай і закрыстыю.
 
Падчас урачыстай сьв. Імшы з нагоды асьвячэньня рэстаўраваных візантыйскіх фрэсак і заканчэньня першага этапу прац па аднаўленьні і кансервацыі ва ўнікальным помніку архітэктуры сьпяваў украінскі хор з Масквы.

На фота – візантыйскія фрэскі ў катэдральнай базыліцы ў Сандаміры (Польшча) і Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек на ўрачыстасьцях з нагоды іх асьвячэньня.
 
Фота кс. Томаша Ліса, Дарыюша Вазьнічкі і Лукаша Попяка з сайту Сандамірскай дыяцэзіі http://www.sandomierz.opoka.org.pl










YouTube video player


 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"