Друк
10.09.2021
Міністар замежных справаў Беларусі сустрэўся з Апостальскім нунцыем
 
9 верасьня 2021 году Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Антэ Ёзіч па запрашэньні беларускіх уладаў наведаў Мiнiстэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, дзе адбылася размова з міністрам Уладзімерам Макеем.
 
Фота: mfa.gov.by.
У ходзе сустрэчы былі «абмеркаваныя актуальныя пытаньні двухбаковага парадку дня, гуманітарнае супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяньне дзьвюх дзяржаваў у рамках міжнародных арганізацыяў», — паведамляецца на сайце МЗС Беларусі mfa.gov.by.
 
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі паведаміў прадстаўніку Сьвятога Пасаду, што кіраўніцтва краіны мае «традыцыйную нацэленасьць на далейшае разьвіцьцё канструктыўнага супрацоўніцтва з Ватыканам».
 
Адзначым, гэтая сустрэча адбылася адразу пасьля зьяўленьня правакацыйнай публікацыі з карыкатурай на сьвятароў і крыж у дзяржаўным выданьні «Мінская праўда», якая абурыла многіх католікаў і выклікала афіцыйную рэакцыю Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, выказаную па даручэньні Старшыні ККББ біскупа Віцебскага Алега Буткевіча біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Ад імя епіскапату і ўсіх каталіцкіх вернікаў Беларусі ярарх асудзіў гэтую публікацыю. Яна была расцэнена як спроба распальваньня варожасьці і абраза рэлігійных пачуцьцяў, што наносіць маральную шкоду таксама і ўсім хрысьціянам. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказала спадзяваньне, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку згаданай публікацыі.
 
На сустрэчы з Апостальскім нунцыем міністар замежных справаў Уладзімер Макей паведаміў пра «непахіснасьць афіцыйных падыходаў у дачыненьні да Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, недапушчальнасьць распальваньня рэлігійнай нецярпімасьці і важнасьць захаваньня ў краіне этна-канфесійнай згоды ў цэлым» і адзначыў пры гэтым, што «ня варта надаваць ніякага значэньня асобным, выключна суб’ектыўным, спробам намаляваць сітуацыю інакш».
 
МЗС Беларусі, выказваючы сваю зацікаўленасьць у міжнародным і гуманітарным супрацоўніцтве з Ватыканам, паведамляе, што «суразмоўцы дамовіліся і надалей падтрымліваць шчыры і транспарэнтны дыялог па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з актывізацыяй беларуска-ватыканскага ўзаемадзеяньня і ўмацаваньня міжканфесійнай згоды».
 
У сьпецыяльным каментары для Catholic.by па выніках сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі Апостальскі нунцый архібіскуп Антэ Ёзіч паведаміў, што ўлады «не падтрымліваюць ніякіх дзеяньняў, скіраваных на распальванне варожасьці ў дачыненьні да прадстаўнікоў той ці іншай рэлігійнай супольнасьці».
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"