Друк
14.08.2020
Зварот каталіцкіх біскупаў у Беларусі ў сувязі з складанай з-палітычнай сітуацыяй у краіне
 
Каталіцкія ярархі Беларусі 13 жніўня 2020 году выступілі са зваротам, у якім асудзілі насільле ў краіне пасьля выбараў і заклікалі «спыніць непатрэбную агрэсію і распачаць дыялог». Гэты зварот неабходна прачытаць вернікам ва ўсіх храмах, пачынаючы з гэтага дня, а таксама абавязкова на ўсіх Імшах у нядзелю 16 жніўня — паведамляекаталіцкі партал Catholic.by.
 
«Вось ужо некалькі дзён у нашай Бацькаўшчыне працягваюцца сутыкненьні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структураў. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадзтве напружанасьць. У выніку актыўнага супрацьстаяньня пралілася кроў і ёсьць шмат пацярпелых як фізічна, так і маральна. Многія з іх — гэта мірныя і нявінныя людзі рознага ўзросту.
 
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, асуджаем кожны акт насільля, які брат зьдзяйсьняе супраць брата, і таму яшчэ раз заклікаем спыніць непатрэбную агрэсію і распачаць дыялог дзеля дабра чалавека і ўсяго нашага грамадзтва.
 
Як веруючыя людзі мы разумеем нашую абмежаванасьць. Таму, ўзгадваючы словы нашага Збаўцы Ісуса Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28), запрашаем католікаў Беларусі далучыцца да штодзённай малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і ўсяго народу», — гаворыцца ў звароце каталіцкіх біскупаў Беларусі.
 
У сувязі з гэтым каталіцкія ярархі Беларусі заклікалі 16 жніўня ва ўсіх парафіях адслужыць сьвятую Імшу ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і яе народу і такім чынам правесьці агульнабеларускую Еўхарыстычную малітву. Таксама падчас кожнай сьвятой Імшы ў малітве вернікаў дадаць сьпецыяльны заклік за нашую краіну і арганізаваць к парафіях штодзённую агульнабеларускую адарацыю Найсьвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны, яе народа і мірнага завяршэньня канфлікту. Біскупы заклікалі таксама штодзённа на завяршэньне адарацыі і сьв. Імшы маліцца адмысловай малітвай за Беларусь. У Год сьв. Папы Яна Паўла II яны прапанавалі выкарыстаць тэкст малітвы за Айчыну паводле сьвятога Яна Паўла ІІ.
 
Малітва за Айчыну
 
Маці Божая, Каралева Беларусі, дзякуючы за Тваю Мацярынскую апеку, давяраем Табе нашу Айчыну, нашу сучаснасьць і будучыню. Няхай імкненьне да супольнага дабра перамагае эгаізм і падзелы. Няхай усе, хто кіруе нашай краінай, бачаць у Табе пакорную Слугу Ісуса Хрыста і вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасьці і супакою, дзе шануецца Імя Твайго Сына і годнасьць кожнага чалавека.
 
Маці Адзінароднага Божага Сына, Які даў нам новую запаведзь любові як галоўны прынцып жыцьця, выпрасі, каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага сьвету, у якім любоў ператварае ўзброеныя канфлікты ў супакой, а цывілізацыю сьмерці — у цывілізацыю жыцьця
 
Няхай наш народ заўсёды будзе верным Богу — Валадару ўсяго сьвету.
 
Маці еднасьці і супакою, умацоўвай супольнасьць Царквы Твайго Сына, дапамажы, каб усе хрысьціяне моцаю Духа Сьвятога сталіся адною сям’ёю сясьцёр і братоў Ісуса Хрыста, адзінага Збаўцы сьвету — учора, сёньня і навекі.
 
Прымі ласкавая, літасьцівая, наймілейшая Дзева Марыя, наш давер, умацоўвай яго ў нашых сэрцах і складзі перад Абліччам Бога, у Тройцы Сьвятой Адзінага, Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амін.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"