Друк
16.07.2014
Усход Украіны: сьвятары ў палоне ўзброеных сепаратыстаў
 
Выкрадзенага 3 ліпеня 2014 году ў Данецку грэка-каталіцкага сьвятара а. Ціхана Кульбаку, сакратара Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Данецкай вобл., вызвалілі з палону тэрарыстаў. У палоне ён правёў 12 дзён.
 
У сваім каментары Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ а. Ціхан паведаміў, што тэрарысты выпусьцілі яго пры двух умовах. Першая — сьвятар на працягу 24 гадзінаў павінен пакінуць тэрыторыю т. зв. ДНР.
Вызвалены з палону сепаратыстаў грэка-каталіцкі сьвятар а. Ціхан Кульбака.
Другая — нічога не распавядаць пра тое, што з ім было ў палоне.
 
“Мне сказалі, калі я буду рабіць тое, што ім будзе не падабацца, то пацерпяць мае парафіяне. Таму што яны ведаюць іх прозьвішчы і адрасы. Называюць сваімі закладнікамі”, — распавёў вызвалены а. Ціхан Кульбака.
 
Нагадаем, ад моманту выкраданьня а. Ціхана Кульбакі Ўладыка Сьцяпан (Мянёк), Данецкі Экзарх УГКЦ і прадстаўнікі розных Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў заклікалі маліцца за яго найхутчэйшае вызваленьне. Да справы пошуку і вызваленьня грэка-каталіцкага сьвятара, які стаў адным з арганізатараў у Данецку міжканфесійнага малітоўнага марафону за мір і спакой ва Ўкраіне, былі падключаныя многія людзі з розных канфесіяў.
 
Сьвятар УГКЦ а. Ціхан Кульбака з прадстаўнікамі розных Цэркваў на міжканфесійнай малітве ў Данецку за мір і спакой ва Ўкраіне.
Пасьля выезду ў бясьпечнае месца сьвятар на сваёй старонцы ў Facebook напісаў: “Мой зямны паклон і ўдзячнасьць да сьмерці ўсім, хто ня спаў начамі, вёў перамовы, маліўся або проста перажываў і хваляваўся за мяне. Веру і ведаю, што толькі гэта і выратавала мне жыцьцё. Мне цяпер трэбна будзе лячэньне, але душой і сэрцам я разам з вамі. Я ўсіх вас люблю!”
 
На жаль, выкраданьні і перасьледаваньні сьвятароў і рэлігійных дзеячаў баевікамі з ДНР працягваюцца.  Айцец Ціхан Кульбака, старшыня Камісіі для спрыяньня хрысьціянскай еднасьці Данецкага Экзархату УГКЦ, які цяпер знаходзіцца ў бальніцы і пасьля знаходжаньня ў палоне тэрарыстаў чакае тэрміновай аперацыі, заклікаў усіх працягваць маліцца за праваслаўнага сьвятара а. Юрыя Іванова з УПЦ Кіеўскага Патрыярхату,
Выкрадзены баевікамі ДНР рыма-каталіцкі сьвятар а. Віктар Вансовіч.
які з 8 ліпеня захоплены сепаратыстамі з ДНР і пра лёс якога дагэтуль нічога невядома, і за выкрадзенага 15 ліпеня на адным з блок-пастоў рыма-каталіцкага сьвятара з Горлаўкі а. Віктара Вансовіча, які ехаў на сьв. Імшу да сваіх парафіянаў. “Госпадзе, захавай жыцьцё і здароўе маім субратам!!!” — напісаў грэка-каталіцкі сьвятар.
 
Тым часам яшчэ адна страшная навіна атрымана з Славянску. Украінскія праваахоўнікі выявілі ў Данецкай вобласьці брацкую магілу, дзе пахаваныя 18 чалавек. Сярод загінулых апазнаныя скалечаныя целы двух пратэстанцкіх прапаведнікаў з Славянска — Уладзіміра Вялічкі і Віктара Брадарскага (абодва мелі шматдзетныя сем’і) і двух сыноў пастара. Больш за месяц пра іх лёс было нічога невядома пасьля таго, як так званыя “апалчэнцы ДНР” уварваліся ў памяшканьне царквы хрысьціянаў веры евангельскай пасьля набажэнства на сьвята Пяцідзясятніцы і гвалтам вывезьлі мужчынаў у невядомым кірунку — паведамляе Рэлігійна-інфармацыйная служба Ўкраіны. Паводле інфармацыі сьведкі, якому ўдалося ўратавацца з палону, пратэстанцкіх прапаведнікаў катавалі, а на наступны дзень, 9 чэрвеня, пазбавілі жыцьця.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"