Друк
11.07.2014
Цэрквы Ўкраіны заклікаюць сепаратыстаў скласьці зброю і вызваліць усіх закладнікаў
 
Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў засудзіла рэлігійныя перасьледаваньні і дыскрымінацыю вернікаў у Данецкай і Луганскай абласьцях і зьвярнулася да ўсіх, хто незаконна трымае зброю, з заклікам скласьці зброю і спыніць кровапраліцьце.
 
Нагадаем, 3 ліпеня 2014 году ўзброеныя прадстаўнікі т. зв. “Данецкай народнай рэспублікі” выкралі і незаконна ўтрымліваюць грэка-каталіцкага сьвятара Ціхана Кульбаку — сакратара міжканфесійнай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Данецкай вобласьці, а 8 ліпеня закладнікам у іх стаў праваслаўны сьвятар УПЦ Кіеўскага Патрыярхату протаярэй Юрый Іваноў з Данецку.
 
У прынятым 9 ліпеня 2014 году прадстаўнікамі ўсіх асноўных рэлігійных арганізацыяў Украіны звароце гаворыцца:
 
Пасяджэньне Ўсеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў 9 ліпеня 2014 г. Фота — Максіма Васіна.
“Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў на працягу апошніх тыдняў зьвярталася з словамі падтрымкі пазіцыі Прэзідэнта Ўкраіны П.А. Парашэнкі адносна мірнага ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту на Ўсходзе Ўкраіны і выказвала гатоўнасьць пасільна спрыяць у рэалізацыі яго мірнага плану.
 
Аднак, сітуацыя на Ўсходзе Ўкраіны працягвае быць напружанай. У сувязі з апошнімі падзеямі ў рэгіёне, зьвяртаемся да ўсіх, хто незаконна трымае ў руках зброю, скласьці яе і спыніць кровапраліцьце.
 
Ізноў падкрэсьліваем заяўленую намі раней пазіцыю, што тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны, незалежнасьць якой падараваная нам Богам, зьяўляецца каштоўнасьцю для нашага народу, а таму дапусьціць яе падзелу мы ня маем права, бо гэта грэх перад Богам і наступнымі пакаленьнямі нашага народу.
 
Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей добрай волі з заклікам пра ўсебаковае спрыяньне найхутчэйшаму вызваленьню ўсіх закладнікаў, у тым ліку і сьвятароў, і яшчэ раз заклікаем усіх адмовіцца ад такога роду спосабаў барацьбы, і мірнымі шляхамі ўрэгуляваць гэты ўзброены канфлікт.
 
Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў асуджае любыя рэлігійныя перасьледаваньні і дыскрымінацыю вернікаў Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама захоп царкоўных будынкаў і іншых рэлігійных памяшканьняў ды выкарыстаньне іх ва ўзброеным канфлікце, якімі б матывамі гэта не апраўдвалася.
 
Мы сьведчым пра нашую салідарнасьць з людзьмі, якія пацярпелі ад узброенага канфлікту, і заклікаем нашых вернікаў да дзейснай дапамогі і ўчынкаў міласэрнасьці для нашых братоў і сёстраў з Усходу Ўкраіны.
 
Яшчэ раз заклікаем усіх нашых вернікаў да ўзмоцненых малітваў за мір і згоду ў гэты складаны для нашай Бацькаўшчыны час”.
 
Ад імя Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў зварот падпісаў яе цяперашні старшыня — Мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату Ануфрый, Месцаахоўнік Кіеўскай мітрапалічай катэдры.

Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў — гэта аўтарытэтны прадстаўнічы міжканфесійны кансультацыйна-дарадчы орган, які дзейнічае ва Ўкраіне з 1996 году. У склад УРЦіРА ўваходзяць 18 Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў (і 1 міжцаркоўная рэлігійная арганізацыя), якія разам прадстаўляюць больш за 95% рэлігійнай прасторы Ўкраіны і ўсе асноўныя канфесіі Ўкраіны: праваслаўнага, грэка-каталіцкага, рыма-каталіцкага і пратэстанцкага (евангельскага) веравызнаўчых напрамкаў хрысьціянства, а таксама асноўных веравызнаньняў юдаізму і ісламу.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"