Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.9-16

9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

Евангельле паводле Яна 20.19-31

19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі.
30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.