18. Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым. 19. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй». 20. І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя». 21. Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: 22. ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша; 23. а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.
Евангельле паводле Мацьвея 13.36-43
36. Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі. 37. А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы; 38. поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта - сыны Царства, а куколь - сыны ліхога; 39. вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы - анёлы. 40. А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага: 41. пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне, 42. і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў; 43. тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!