Памер шрыфту
Чытаньне за 19 чэрвеня 2016:


Евангельле паводле Лукаша 24.12-35

12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус.
14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;
16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.
17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?
18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?
19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;
20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;
21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася;
22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы
23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;
24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.
25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!
26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;
29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.
30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,
31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.
32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?
33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,
34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.
35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.

Пасланьне да Рымлянаў 10.1-10

1. Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.
2. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.
3. Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;
4. бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.
5. Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».
6. А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» - каб Хрыста зьвесьці;
7. альбо: «хто сыдзе ў бездань?» - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.
8. А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» - слова веры, якое прапаведуем.
9. Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;
10. бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

Евангельле паводле Мацьвея 8.28-9.1

28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл*, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
30. А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
31. І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.
32. І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
33. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў. * Зь пячораў, дзе хавалі нябожчыкаў
1. І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.