Памер шрыфту
Чытаньне за 22 красавіка 2011:


1-е пасланьне да Карынцянаў 1.18-2.2

18. Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!
19. Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
21. Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
22. Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
23. а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
24. а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
25. бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
26. Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
27. але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
28. і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
29. на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
30. Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
31. каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».
1. І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.
2. Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.

Евангельле паводле Мацьвея 27.1-38

1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
4. кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
6. Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
8. таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;
9. тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
11. Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
12. І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
15. А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
18. Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
20. Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
21. Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
23. А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
26. Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
27. Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
28. і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
29. і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
30. і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
31. І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,
34. далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
36. і, седзячы, вартавалі Яго там;
37. і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
38. Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

Евангельле паводле Лукаша 23.39-43

39. Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
40. А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
41. і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
42. І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
43. І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.

Евангельле паводле Мацьвея 27.39-54

39. А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
40. і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
41. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
42. іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
43. спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
44. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
46. а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
47. Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
48. І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
49. а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
50. А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
53. і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
54. А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.

Евангельле паводле Яна 19.31-37

31. Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
32. І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
33. а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені,
34. а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
35. І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
36. бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
37. Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».

Евангельле паводле Мацьвея 27.55-61

55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
56. сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
57. Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
59. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.