Памер шрыфту
Чытаньне за 7 красавіка 2009:


Евангельле паводле Мацьвея 22.15-23.39 Вых 2.5-10

15. Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.
16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18. Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19. пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.
20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.
23. У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:
24. Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».
25. Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;
26. гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага;
27. а пасьля ўсіх памерла і жонка.
28. Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?
29. Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;
30. бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.
31. А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:
32. «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, ажывых».
33. І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
34. А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.
35. І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:
36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
37. Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;
38. гэта найбольшая і першая запаведзь;
39. а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;
40. на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41. Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:
42. што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
43. Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:
44. «Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
46. І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.

Кніга Ёва 1.13-22 Мц 24.36-26.2

13. І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
14. І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:
15. валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
16. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
17. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
18. Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі івіно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
19. і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
20. Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
21. і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
22. Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.