Памер шрыфту
Чытаньне за 6 красавіка 2009:


Евангельле паводле Мацьвея 21.18-43 Вых 1.1-20

18. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.
19. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
20. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
21. А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», - будзе;
22. і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.
23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
24. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
25. Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
26. а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.
27. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
28. А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім.
29. Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў.
30. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.
31. Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.
32. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму.
33. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, іаддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
34. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.
35. Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.
36. Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.
37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:
39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.
40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41. Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42. Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
43. Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.
44. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
45. І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
46. і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока. * Асанна - выратаваньне

Кніга Ёва 1.1-12 Мц 24.3-35

1. Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.
2. І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.
3. Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.
4. Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, іпасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.
5. Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў цэласпаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.
6. І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.
7. І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
8. І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.
9. І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?
10. ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;
11. але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, - ці дабраславіць ён Цябе?
12. І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.
13. І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
14. І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:
15. валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
16. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
17. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
18. Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі івіно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
19. і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
20. Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
21. і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
22. Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.