Памер шрыфту
Чытаньне за 5 красавіка 2009:


Евангельле паводле Мацьвея 21.1-11, 15-17 Флп 4.4-9

1. І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
2. сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.
3. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.
4. А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
5. «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад’ярэмнай».
6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,
7. прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
8. Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце здрэў і пасьцілалі на дарозе;
9. а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна* Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!
10. І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?
11. А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.
[...]

Евангельле паводле Яна 12.1-18

1. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
2. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
3. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
4. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
5. Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
6. А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
7. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
8. убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне - не заўсёды.
9. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
10. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
11. бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
12. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
13. узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
14. А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
15. «ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
16. Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
17. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
18. таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.