Памер шрыфту
Чытаньне за 24 сакавіка 2009:


Кніга Быцьця 15.1-15 Высл 15.7-19, Быц 28.10-17

1. Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая.
2. Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска.
3. І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой.
4. І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам.
5. І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў.
6. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць.
7. І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне.
[...]
10. А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,
11. і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.
12. І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.
13. І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;
14. і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:
15. і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.
16. Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.
17. І спалохаўся і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта - брама нябесная.

Кніга прарока Езэкііля 43.27-44.4, Высл 9.1-11

27. Пасьля гэтых дзён, у восьмы дзень і далей, сьвятары будуць узносіць на ахвярніку вашыя цэласпаленьні і падзякавальныя ахвяры; і Я буду літасьцівы да вас, кажа Гасподзь Бог.
1. І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.
2. І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая.
3. Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.
4. Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.
[...]
1. Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
2. закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
3. паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
4. «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
5. «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
6. адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
7. Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.
8. Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
9. дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.
10. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;
11. бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.