Памер шрыфту
Чытаньне за 8 лютага 2009:


Евангельле паводле Лукаша 24.36-53 1 Кар 6.12-20


Евангельле паводле Мацьвея 15.11-32

11. ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
12. Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
13. А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
14. пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
16. Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
17. ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
18. а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
19. бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
20. гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.
21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
22. І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
26. А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
28. Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
31. так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.