Памер шрыфту
Чытаньне за 24 студзеня 2010:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

2-е пасланьне да Цімафея 3.10-15

10. А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цярплівасьці.
11. у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.
12. Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць перасьледавацца;
13. а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.
14. А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
15. пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.

Евангельле паводле Лукаша 18.10-14

10. два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
11. Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:
12. пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
13. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!
14. Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.