Памер шрыфту
Чытаньне за 3 студзеня 2016:


Евангельле паводле Яна 21.1-14

1. Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
2. былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
3. Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
4. А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
5. Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
6. А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
7. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, - бо ён быў голы, - і кінуўся ў мора;
8. а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, - бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, - цягнучы нерат з рыбаю.
9. А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
10. Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
11. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
12. Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
13. Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
14. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.

1-е пасланьне да Цімафея 1.15-17

15. Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
16. Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
17. А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 18.35-43

35. А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
36. і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
37. Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
38. Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
39. Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
40. Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
41. чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
42. Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
43. І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.