Памер шрыфту
Чытаньне за 4 студзеня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 10.1-18

1. Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
2. Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
3. Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
4. бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
5. Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
6. Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
7. Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;
8. сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, - якія прыносяцца паводле закона, - Ты не захацеў і не ўпадабаў,
9. потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
10. Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
11. І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
12. А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13. чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».
14. Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
15. Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
16. «вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
17. і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».
18. А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.

Евангельле паводле Марка 12.28-37

28. Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?
29. Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны;
30. і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь!
31. Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма.
32. Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго;
33. і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры.
34. Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
35. Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
36. Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
37. Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.