Памер шрыфту
Чытаньне за 16 студзеня 2011:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

Пасланьне да Каласянаў 3.12-16

12. Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,
13. паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.
14. а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;
15. і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.
16. Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

Евангельле паводле Лукаша 18.18-27

18. І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
19. Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.
20. Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.
21. А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
22. Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
23. А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
24. Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
25. бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ўЦарства Божае!
26. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
27. Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.