Памер шрыфту
Чытаньне за 28 сьнежня 2012:


Пасланьне Якуба 2.1-13

1. Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
2. Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
3. і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
4. дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
5. Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
6. а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
7. Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
8. Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, - добра робіце.
9. Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
10. Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
11. Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб'еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
12. Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
13. Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

Евангельле паводле Марка 12.1-12

1. І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.
2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;
3. а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.
4. Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.
5. І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.
6. І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая.
8. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.
9. Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.
10. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:
11. гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
12. І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.