Памер шрыфту
Чытаньне за 26 сьнежня 2012:


Пасланьне Якуба 1.1-18

1. Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, - радавацца!
2. Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
3. ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
4. а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
5. Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, - і дасца яму.
6. Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
7. Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
8. Чалавек двудушны - ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9. Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
10. а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
11. узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
12. Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
13. У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
14. а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
15. а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
16. Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
17. Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
18. Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.

Евангельле паводле Марка 11.23-26

23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.
24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам.
25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.