Памер шрыфту
Чытаньне за 9 студзеня 2011:


Евангельле паводле Яна 21.15-25

15. І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
16. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі мае.
17. Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пятра замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
18. праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
19. А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
20. А Пётр, абярнуўшыся, бачыць - за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто цябе прадасьць?
21. Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
22. Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
23. І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
24. Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
25. Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.

Пасланьне да Эфэсянаў 4.7-13

7. А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
8. Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».
9. А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
10. Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
12. на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
13. пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;

Евангельле паводле Мацьвея 4.12-17

12. Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,
14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
15. «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».
17. З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.