Памер шрыфту
Чытаньне за 22 сьнежня 2012:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.1-8

1. Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
2. і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
3. А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
4. Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
5. бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
6. Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
7. дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
8. Вы былі колісь цемра, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,

Евангельле паводле Лукаша 16.10-15

10. Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
11. Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
12. І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
13. Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
14. Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
15. Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.