Памер шрыфту
Чытаньне за 19 сьнежня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 10.1-18

1. Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
2. Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
3. Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
4. бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
5. Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
6. Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
7. Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;
8. сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, - якія прыносяцца паводле закона, - Ты не захацеў і не ўпадабаў,
9. потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
10. Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
11. І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
12. А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13. чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».
14. Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
15. Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
16. «вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
17. і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».
18. А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.

Евангельле паводле Марка 10.11-16

11. Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
12. і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.
13. Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.
14. Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;
15. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
16. І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.