Памер шрыфту
Чытаньне за 14 сьнежня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 7.18-25

18. А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
19. бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
20. А як гэта было не бяз прысягі, -
21. бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
22. дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
23. Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
24. а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
25. таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.

Евангельле паводле Марка 9.33-41

33. Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою?
34. яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы.
35. І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
36. І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37. хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне.
38. Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.
39. Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне.
40. Бо, хто ня супроць вас, той за вас.
41. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.