Памер шрыфту
Чытаньне за 13 сьнежня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 7.1-6

1. Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, - той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
2. якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, - па-першае, згодна са значэньнем імя - цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае - цар сьвету,
3. бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
4. Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
5. Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь - браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
6. Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабараславіў таго, хто меў абяцаньні.

Евангельле паводле Марка 9.10-16

10. І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?
11. І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
12. Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;
13. але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.
14. Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.
15. Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.
16. Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?