Памер шрыфту
Чытаньне за 28 сьнежня 2011:


Пасланьне да Габрэяў 5.11-6.8

11. Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
12. Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
13. Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
14. а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.
1. Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
2. вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
3. І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
4. Бо немагчыма - тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
5. і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
6. і адпалі, - нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
7. Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
8. а якая плодзіць церні і бадзякі - няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога - спаленьне.

Евангельле паводле Марка 11.23-26

23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.
24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам.
25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.