Памер шрыфту
Чытаньне за 10 сьнежня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 3.5-11, 17-19

5. І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
6. А Хрыстос - як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны - мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
7. Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
8. не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
9. дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
10. Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
11. таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».
[...]
17. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
18. Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
19. І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.

Евангельле паводле Марка 8.11-21

11. Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
12. і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
13. І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
14. Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
15. А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
16. І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
17. Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
18. маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
19. калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
20. А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
21. І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?