Памер шрыфту
Чытаньне за 21 сьнежня 2011:


2-е пасланьне да Цімафея 4.9-22

9. Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
10. Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
11. Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
12. Тыхіка я паслаў у Эфэс.
13. Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
14. Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
15. Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
16. Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
17. А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
18. І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
19. Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
20. Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
21. Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
22. Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.

Евангельле паводле Марка 10.11-16

11. Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
12. і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.
13. Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.
14. Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;
15. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
16. І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.