Памер шрыфту
Чытаньне за 4 сьнежня 2012:


2-е пасланьне да Цімафея 3.16-4.4

16. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
17. каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.
1. Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
2. прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
3. Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
4. і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.

Евангельле паводле Лукаша 21.12-19

12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
13. а будзе гэта вам на сьведчаньне.
14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць;
17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
18. але і волас з галавы вашай не прападзе.
19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.