Памер шрыфту
Чытаньне за 20 сьнежня 2011:


2-е пасланьне да Цімафея 3.16-4.4

16. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
17. каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.
1. Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
2. прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
3. Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
4. і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.

Евангельле паводле Марка 10.2-12

2. Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?
3. Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?
4. Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
5. А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;
6. а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.
7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8. і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.
9. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
10. У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
11. Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
12. і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.