Памер шрыфту
Чытаньне за 19 сьнежня 2011:


2-е пасланьне да Цімафея 2.20-26

20. А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
21. Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
22. Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
23. Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
24. а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
25. здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, - можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
26. каб яны вызваліліся зь цянётаў д'ябла, які залучыў іх у сваю волю.

Евангельле паводле Марка 9.42-10.1

42. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.
43. І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,
44. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
45. І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны.
46. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
47. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,
48. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
49. Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.
50. Соль - добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.
1. Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.