Памер шрыфту
Чытаньне за 17 сьнежня 2011:


Пасланьне да Галятаў 5.22-6.2

22. А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,
23. лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.
24. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.
25. Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.
26. Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.
1. Браты! калі і дапусьціць чалавек якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, зважаючы кожны на сябе, каб ня дацца спакусе.
2. Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.

Евангельле паводле Лукаша 14.1-11

1. Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;
2. і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.
3. З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?
4. Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.
5. Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?
6. І не маглі запярэчыць яму на гэта.
7. А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:
8. калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,
9. і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
10. А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:
11. бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.