Памер шрыфту
Чытаньне за 15 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 6.17-21

17. Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
18. каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
19. зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
20. О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
21. аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.

Евангельле паводле Марка 9.10-16

10. І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?
11. І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
12. Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;
13. але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.
14. Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.
15. Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.
16. Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?