Памер шрыфту
Чытаньне за 14 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 5.22-6.11

22. Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.
23. У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
24. Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.
25. Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.
1. Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
2. Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
3. Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
4. той - гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
5. пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
6. Вялікі набытак - быць пабожным і задаволеным.
7. Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
8. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
9. А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
10. бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
11. А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;

Евангельле паводле Марка 8.30-34

30. І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
31. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
32. І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
33. А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
34. І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;