Памер шрыфту
Чытаньне за 13 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 5.11-21

11. А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;
12. яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
13. пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.
14. І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:
15. бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.
16. Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.
17. Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.
18. Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».
19. Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.
20. Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
21. Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

Евангельле паводле Марка 8.22-26

22. Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
23. Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
24. Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
26. І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.