Памер шрыфту
Чытаньне за 27 лістапада 2012:


1-е пасланьне да Цімафея 5.11-21

11. А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;
12. яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
13. пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.
14. І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:
15. бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.
16. Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.
17. Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.
18. Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».
19. Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.
20. Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
21. Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

Евангельле паводле Лукаша 19.45-48

45. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі,
46. кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў».
47. І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго,
48. і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.