1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; 2. але знайшлі камень адвалены ад магілы, 3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. 4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ўстроях бліскучых. 5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць. 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя 9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім. 10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. 11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
Пасланьне да Эфэсянаў 5.9-19
9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне. 10. Шукайце таго, што да спадобы Богу, 11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце, 12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць. 13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло. 14. Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!». 15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя, 16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія. 17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая. 18. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам, 19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
Евангельле паводле Лукаша 12.16-21
16. І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле; 17. і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае. 18. І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. 19. І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакойся, еж, пі, весяліся. 20. Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў? 21. Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.