Памер шрыфту
Чытаньне за 15 лістапада 2013:


1-е пасланьне да Цімафея 4.4-8, 16

4. Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
5. бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
6. Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
7. А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
8. бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
[...]
16. Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.

Евангельле паводле Лукаша 19.12-28

12. Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
13. і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.
14. Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.
15. І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.
16. Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.
17. І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.
18. Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.
19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.
20. Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;
21. бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
22. Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
23. чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
24. І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.
25. І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.
26. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
27. а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною.
28. Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім.