Памер шрыфту
Чытаньне за 8 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 3.1-13

1. Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
2. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
3. ня п'яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
4. павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
5. бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
6. не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д'яблам.
7. Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д'ябальскіх.
8. Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
9. павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
10. і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
11. Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
12. Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
13. бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

Евангельле паводле Лукаша 21.28-33

28. А калі пачне гэта збывацца, тады схіліцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.
29. І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
30. калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
31. Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
32. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе:
33. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.