Памер шрыфту
Чытаньне за 22 лістапада 2012:


1-е пасланьне да Цімафея 3.1-13

1. Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
2. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
3. ня п'яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
4. павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
5. бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
6. не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д'яблам.
7. Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д'ябальскіх.
8. Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
9. павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
10. і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
11. Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
12. Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
13. бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

Евангельле паводле Лукаша 18.31-34

31. І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:
32. бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,
33. і будуць біць і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
34. Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.