Памер шрыфту
Чытаньне за 7 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 1.18-20, 2.8-15

18. Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,
19. маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;
20. такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.
[...]
8. І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;
9. каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,
10. а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.
11. Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;
12. а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.
13. Бо раней створаны Адам, а потым Ева;
14. і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;
15. аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.

Евангельле паводле Лукаша 21.5-7, 10-11, 20-24

5. І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
6. прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.
7. І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?
[...]
10. Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
11. будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азнакі зь неба.
[...]
20. Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:
21. тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,
22. бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.
23. Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:
24. і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.