Памер шрыфту
Чытаньне за 13 лістапада 2013:


1-е пасланьне да Цімафея 1.18-20, 2.8-15

18. Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,
19. маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;
20. такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.
[...]
8. І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;
9. каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,
10. а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.
11. Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;
12. а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.
13. Бо раней створаны Адам, а потым Ева;
14. і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;
15. аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.

Евангельле паводле Лукаша 18.15-17, 26-30

15. Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
16. Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
17. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ўяго.
[...]
26. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
27. Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
28. А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
29. Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
30. і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.