Памер шрыфту
Чытаньне за 6 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 1.8-14

8. А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
9. ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,
10. блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,
11. згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.
12. Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,
13. мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;
14. а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

Евангельле паводле Лукаша 21.12-19

12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
13. а будзе гэта вам на сьведчаньне.
14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць;
17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
18. але і волас з галавы вашай не прападзе.
19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.