Памер шрыфту
Чытаньне за 5 сьнежня 2011:


1-е пасланьне да Цімафея 1.1-7

1. Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,
2. Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3. Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму
4. і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.
5. А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,
6. адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,
7. хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.

Евангельле паводле Лукаша 20.27-44

27. Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:
28. Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.
29. Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;
30. узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;
31. узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;
32. пасьля ўсіх памерла і жонка.
33. Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.
34. Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;
35. а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,
36. і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;
37. а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.
38. Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
39. На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
40. І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:
41. як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
42. А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,
43. пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
44. Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?