Памер шрыфту
Чытаньне за 4 сьнежня 2011:


Евангельле паводле Марка 16.9-20

9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.
12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

Пасланьне да Эфэсянаў 4.1-6

1. Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
2. з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
3. імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
4. Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
5. адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.

Евангельле паводле Лукаша 17.12-19

12. І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
13. і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
14. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
15. А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
16. і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
17. Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
18. як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
19. І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.