Памер шрыфту
Чытаньне за 17 лістапада 2012:


Пасланьне да Галятаў 1.3-10

3. мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
3. Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;
5. Яму слава на векі вечныя. Амін.
6. Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,
7. якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.
8. Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.
9. Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
10. Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.

Евангельле паводле Лукаша 9.57-62

57. Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
58. Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
59. А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
60. Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
61. Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
62. Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.